ШАРКО́ ДУШ,

лячэбны душ; адзін з метадаў водалячэння. Прапанаваны франц. неўрапатолагам Ж.​М.​Шарко. Засн. на лекавым уплыве рухомага струменя вады пад моцным ціскам на розныя часткі цела.

Папераменна ўздзейнічаюць веерны (пачынаецца і заканчваецца працэдура) і кампактны струмені вады. Курс 10—12 працэдур. Фізіял. эфекты Ш.д. звязаны з мех. і тэмпературным уздзеяннем: спачатку звужаюцца перыферычныя сасуды, павышаецца артэрыяльны ціск, потым сасуды расшыраюцца. Ужываюць пры парушэннях абмену рэчываў (напр., атлушчэнне), маторыкі кішэчніка і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)